Мы, беларускія палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, прафсаюзы, незалежныя эксперты, разумеем, што пабудова ў Беларусі прававой, дэмакратычнай дзяржавы, захаванне і ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці краіны, сацыяльна-эканамічныя рэформы, вольны рынак, нацыянальнае адраджэнне — падмурак для існавання нашай краіны.
Ацэньваем сітуацыю ў Беларусі як крызісную і канстатуем няздольнасць сённяшняй улады забяспечыць дабрабыт і бяспеку грамадзян, гарантаваць недатыкальнасць, правы і свабоды беларусам.
«Рэанімацыйны пакет рэформаў» — грамадска-палітычная пляцоўка, якая яднае вядучыя дэмакратычныя партыі, НДА і экспертаў, а таксама выконвае функцыі каардынацыйнага цэнтра па распрацоўцы і прасоўванні ключавых рэформаў у Беларусі.
Мы бачым сваю місію ў распрацоўцы і прасоўванні зменаў з мэтай вяртання нашай краіны на шлях пабудовы незалежнай, дэмакратычнай, прававой, еўрапейскай дзяржавы. Аўтарытэтнай, а не аўтарытарнай Беларусі, дзе свабодныя грамадзяне карыстаюцца роўнымі правамі і разам вырашаюць сваю будучыню.
Мы заклікаем экспертную супольнасць, партыі, прафсаюзы і НДА далучацца да гэтай ініцыятывы, праяўляць актыўнасць у абмеркаванні і ініцыяваць новыя тэмы для дыскусіі. Мы ўпэўнены, што вобраз новай Беларусі — гэта калектыўнае жаданне кожнага грамадзяніна жыць годна на сваёй зямлі.
І ў гэтым наша нацыянальная згода!
Жыве Беларусь!