Аб’яднаная грамадзянская партыя

Скарочаная назва
АГП

Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) створана 1 кастрычніка 1995 г. праз аб’яднанне дзвюх партый – Аб'яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (АДПБ, створана ў 1990 г. першай у посткамуністычнай гісторыі Беларусі) і Грамадзянскай партыі (створана ў 1994 г.). Першы пакуль і адзіны прыклад паспяховага аб'яднання партый ў Беларусі.

АГП мела фракцыю ў Вярхоўным Савеце XIII склікання, сябры АГП займалі вядучыя пасады ва ўрадзе дэмакратычнай Беларусі: доктар эканамічных навук Станіслаў Багданкевіч быў старшынём Нацбанка з 1991-1995 гг.; Міхаіл Чыгір быў прэм'ер-міністрам, а Аляксандр Сасноў – міністрам працы з 1994-1996 гг., абодва сышлі ў адстаўку ў знак пратэсту пасля дзяржаўнага перавароту, калі быў разагнаны легітымны Вярхоўны Савет.

Мэр Маладзечна (1991-94 гг.) і нам. старшыні Вярхоўнага Савета XIII склікання Генадзь Карпенка (доктар тэхн. навук, член-кар. НАН) быў асноўным апанентам Лукашэнкі на маючых адбыцца выбарах, аднак раптоўна памёр у 1999 г., экс-міністр унутраных спраў Юрый Захаранка і экс-кіраўнік ЦВК Віктар Ганчар былі выкрадзеныя ў 1999 г. і забіты. Аднак партыя працягвала паслядоўна і рашуча змагацца супраць рэжыму за дэмакратычныя каштоўнасці.

Лідэрамі партыі ў розны час былі Станіслаў Багданкевіч, Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў.

АГП з'яўляецца права-цэнтрысцкай, ліберальна-кансерватыўнай партыяй, асноўныя каштоўнасці – свабода, абарона прыватнай уласнасці, правы чалавека. З моманту свайго ўтварэння партыя выступае ў абарону свабоды прадпрымальніцкай дзейнасці, інтэлектуальнай уласнасці, прапануе канкрэтныя меры па развіццю малога і сярэдняга бізнесу.

АГП мае статус назіральніка ў EPP (European People's Party) і ў IDU (International Democrat Union).

Лозунг партыі: "Свабода, Уласнасць, Законнасць!"