Рух "За Свабоду" — грамадска-палітычная ініцыятыва, створаная ў 2007 г. як шырокая платформа для людзей, якія выступаюць за незалежную, еўрапейскую і дэмакратычную Беларусь.
Арганізацыя аб’ядноўвае актывістаў, экспертаў і грамадзян, якія падзяляюць каштоўнасці свабоды, правоў чалавека, вяршэнства права і адказнай грамадзянскай супольнасці.
Да 2016 г. кіраўніком Руха "За Свабоду" быў Аляксандр Мілінкевіч — адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкіх выбрах 2006 г. Пазней яго на пасадзе змяніў Юрый Губарэвіч, які на сённяшні дзень з’яўляецца лідэрам арганізацыі.
У 2021 г. беларускія ўлады ліквідавалі арганізацыю, але нягледзячы на гэта яна працягнула сваю дзейнасць у выгнанні.
У 2024 г. Рух "За Свабоду" разам з камамандамі Паўла Латушкі сфармавалі перадвыбарчы блок «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» на выбарах у Каардынацыйную раду, пасля якіх сталі самай вялікай фракцыяй КР.
На сённяшні дзень Рух "За Свабоду" з’яўляецца часткай шырокага дэмакратычнага фронту, удзельнічае ў адукацыйных і арганізацыйных праграмах (у тым ліку ў фарміраванні Кадравага рэзерву), падтрымлівае лакальныя супольнасці і забяспечвае прадстаўніцтва беларусаў у Каардынацыйнай Радзе.
Рух «За свабоду» прытрымліваецца правацэнтрысцкай ідэялогіі і арыентуецца на:
- развіццё грамадзянскай актыўнасці і самакіравання;
- абарону правоў і свабод беларусаў;
- еўрапейскі выбар Беларусі;
- прасоўванне адказнай дзяржаўнай палітыкі;
- падтрымку ініцыятыў, скіраваных на дэцэнтралізацыю, празрыстасць улады і ўмацаванне мясцовых супольнасцей.
Рух "За Свабоду" прызнаны ў Еўропе і мае статус назіральніка ў Еўрапейскай народнай партыі (EPP) – найбуйнейшага аб’яднання правацэнтрысцкіх і дэмакратычных партый Еўрапарламента.