Беларуская партыя “Зялёныя”

Скарочаная назва
“Зялёныя”

Беларуская партыя «Зялёныя» была заснавана 17 красавіка 1994 г. і зарэгістравана 3 чэрвеня 1994 г. Заснавальнікам партыі быў Алег Грамыка. Раней арганізацыя называлася Беларуская партыя «Зялёны свет».

Старшынямі партыі былі таксама журналісты Алег Новікаў (Лёлік Ушкін) і Анастасія Дарафеева. З 2020 г. і да моманту закрыцця партыі ўладамі 27 ліпеня 2023 г. кіраўніком быў бізнэсовец Зміцер Кучук.

Зміцер Кучук быў затрыманы 16 лютага 2024 г. пры спробе ўскладання кветак каля расійскай амбасады ў Мінску ў дзень смерці расійскага палітыка Аляксея Навальнага і асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі. Вызвалены 11 верасня 2025 г. у выніку амерыкана-беларускіх перамоваў і выдвараны з Беларусі ў Літву.

У Літве Зміцер Кучук заявіў аб працягу дзейнасці арганізацыі ў выгнанні.

Асноўныя кірункі працы партыі: барацьба за дэмакратыю, роўныя правы для ўсіх грамадзян, сацыяльную эканоміку, альтэрнатыўную энергетыку і негвалтоўную палітычную этыку.

У канцы 2008 г. Беларуская партыя «Зялёныя» стварыла спецыяльную камісію па правах ЛГБТ, публічна выступіўшы супраць гамафобіі. У тым жа годзе партыя пачала актыўную кампанію супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі.

З 2008 г. і да 2023 г. партыя мела статус члена-назіральніка ў Еўрапейскай партыі Зялёных (EGP). На гэты момант вырашаецца пытанне аб аднаўленні паўнавартаснага прадстаўніцтва партыі ў еўрапейскай сям’і зялёных.