КАНЦЭПЦЫЯ ЗАКОНАПРАЕКТА «АБ АМНІСТЫІ» ЗНЯВОЛЕНЫХ ПА ПАЛІТЫЧНЫХ МАТЫВАХ

Адказная арганізацыя
Напрамак рэформы
Год распрацоўкі

Кароткае апісанне

Масавыя выступленні грамадзян Беларусі супраць дзеючай улады ў перыяд прэзідэнцкай электаральнай кампаніі 2020 г. і ў поствыбарчы перыяд абярнуліся разгортваннем рэпрэсіўнага апарату на барацьбу з іншадумствам. Рэпрэсіі ў дачыненні да асоб, не згодных з палітыкай, якая праводзяцца ў краіне, працягваюцца і сёння. Па дадзеных праваабаронцаў, у Рэспубліцы Беларусь за свае перакананні затрымана і асуджана больш за 1500 палітычных апанентаў і прыхільнікаў перамен. Грамадзяне безабаронныя перад свавольствам сілавых структур, пазбаўленыя магчымасці абараняць свае правы ў судах, якія выносяць неабгрунтаваныя рашэнні па сфабрыкаваных справах аб удзеле ў акцыях пратэсту, тэрарызме, дзяржаўнай здрадзе, іншых небяспечных злачынствах. Многім грамадзянам у сувязі з пагрозай крымінальнага пераследу прыйшлося пакінуць краіну…

У такіх умовах паўнацэннае функцыянаванне і развіццё дзяржавы і грамадства немагчыма. Змешчаныя ў месцы пазбаўлення волі па палітычных матывах грамадзяне павінны быць вызвалены і рэабілітаваны. У грамадзян, якія вымушана пакінулі краіну, павінна з’явіцца магчымасць бяспечна вярнуцца, жыць, працаваць і выхоўваць дзяцей на Радзіме. Грамадзяне Беларусі павінны мець магчымасць адкрыта выказваць сваё меркаванне, у тым ліку аб палітычных працэсах і падзеях.

Праблемы, на вырашэнне якіх накіравана канцэпцыя

Пераслед грамадзян па палітычных матывах, ліквідацыя непажаданых уладзе грамадзян шляхам змяшчэння іх у месцы пазбаўлення волі па надуманых абставінах – гуманітарная катастрофа і рэальнасць сучаснай Беларусі, якая дазваляе трымаць у страху грамадства і стрымліваць любыя праявы грамадзянскай актыўнасці.

У месцах адбыцця пакарання да палітвязняў з боку адміністрацый устаноў прад'яўляюцца асаблівыя патрабаванні, у сувязі з чым звычайнымі з'яўляюцца рэгулярныя спагнанні за парушэнні ўнутранай дысцыпліны, працяглая адсутнасць магчымасці знешняй камунікацыі, пазбаўленне магчымасці неабходнага медыцынскага абслугоўвання і г.д.

Згодна з арт. 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека «Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх». Гэты прынцып павінен вярнуцца ў жыццядзейнасць беларускага грамадства і стаць асновай для развіцця плюралізму меркаванняў і дэмакратычнага ладу.

Пераслед палітычных апанентаў, арышты і ператрусы «за лайкі ў інтэрнэце» павінны быць спынены. Стабільнай і ўстойлівай можа быць дзяржава, дзе паважаюць меркаванне кожнага члена грамадства.

Асноўныя мэты і задачы канцэпцыі

Ключавымі мэтамі канцэпцыі амністыі палітвязняў з'яўляюцца:

  • актуалізаваць праблему палітвязняў і дамагчыся іх вызвалення;
  • спыніць далейшыя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян Беларусі;
  • садзейнічаць дасягненню грамадзянскага кансэнсусу.

Задачы:

  • арганізаваць грамадскую дыскусію па праблематыцы;
  • рэалізаваць права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян і ўнесці ў Парламент Рэспублікі Беларусь праект закона «Аб амністыі» ў адносінах да палітзняволеных.

Крокі па рэалізацыі

Канцэпцыя прадугледжвае некалькі стратэгічных этапаў рашэння праблемы:

  1. Падрыхтоўка праекта закона «Аб амністыі» ў дачыненні да палітвязняў.
  2. Адвакатаванне праекта закона «Аб амністыі».
  3. Рэалізацыя права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян.

Праект закона «Аб амністыі» павінен прадугледжваць:

  • вызваленне ад пакарання ў выглядзе штрафу, арышту, абмежавання волі, пазбаўлення волі, а таксама ад іншых мер крымінальнай адказнасці ў выглядзе асуджэння з адтэрміноўкай выканання пакарання, асуджэння з умоўным непрымяненнем пакарання, асуджэння без прызначэння пакарання асоб, прызнаных праваабаронцамі палітзняволенымі, асуджаных або абвінавачаных па арт. 130, 293, 342, 361, 361-1, 361-2, 369 КК РБ;
  • спыненне папярэдняга расследавання па крымінальных справах, якія знаходзяцца ў вытворчасці органаў крымінальнага пераследу, і вытворчасцяў па крымінальных справах, не разгледжаных судамі, аб злачынствах, учыненых асобамі, прызнанымі праваабаронцамі палітвязнямі да ўступлення закона «Аб амністыі» ў сілу;
  • вызваленне ад крымінальнага пераследу асоб, якія па ўласнай ініцыятыве пакінулі тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у сувязі з пагрозай крымінальнага пераследу і прынялі рашэнне вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь пасля ўступлення ў сілу закона «Аб амністыі»;
  • зняцце судзімасці з асоб, вызваленых ад пакарання або іншых мер крымінальнай адказнасці на падставе закона «Аб амністыі».

Адвакатаванне прадугледжвае:

  • стварэнне ініцыятыўнай групы грамадзян;
  • ініцыяванне шырокай грамадскай дыскусіі з удзелам прадстаўнікоў структур грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікоў органаў улады, дыпламатычных прадстаўніцтваў, членаў сем'яў палітвязняў;
  • камунікацыю з прадстаўнікамі органаў улады.

Рэалізацыя права заканадаўчай ініцыятывы:

Згодна з арт. 99 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, «Права заканадаўчай ініцыятывы належыць Прэзідэнту, Усебеларускаму народнаму сходу, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Ураду, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш за 50 тысяч чалавек і рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў». Больш дэталёва дадзенае права рэгламентавана Законам «Аб парадку рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянамі Рэспублікі Беларусь». Такім чынам, мяркуецца ініцыяваць прыняцце Закона аб амністыі ў адносінах да палітзняволеных шляхам рэалізацыі прадугледжанага заканадаўствам права грамадзян.

Органы, якія прымаюць рашэнне

  • Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь.
  • Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Нарматыўныя прававыя акты

  • Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь;
  • Закон «Аб парадку рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянамі Рэспублікі Беларусь»;
  • Праект закона «Аб амністыі».