КАМІТЭТ ПА НАДЗОРЫ ЗА ДЗЕЙНАСЦЮ СЛУЖБ РАЗВЕДКІ І БЯСПЕКІ

Адказная арганізацыя
Напрамак рэформы
Год распрацоўкі

Кароткае апісанне

Праект закона «Пра Камітэт па наглядзе за дзейнасцю службаў разведкі і бяспекі» павінен стварыць незалежны дзяржаўны орган знешняга спецыялізаванага нагляду за службамі разведкі і бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Камітэт закліканы стаць цэнтральным элементам дэмакратычнага грамадзянскага кантролю ў далікатнай сферы, дзе звычайных механізмаў парламенцкага, ведамаснага і судовага кантролю недастаткова з-за высокай сакрэтнасці, канцэнтрацыі паўнамоцтваў, рызыкі палітычных злоўжыванняў і ўмяшання ў правы чалавека. Яго задача — незалежна правяраць законнасць, абгрунтаванасць, эфектыўнасць, палітычную нейтральнасць і захаванне правоў чалавека ў іх дзейнасці.

Паводле сваёй логікі закон павінен развіваць артыкулы 144–148 праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, распрацаванага Грамадскай канстытуцыйнай камісіяй.

Праблемы, на вырашэнне якіх накіравана рэформа

У Рэспубліцы Беларусь дзейнасць службаў разведкі і бяспекі застаецца закрытай для незалежнага знешняга кантролю. Пры дзейнай мадэлі ключавыя рашэнні ў гэтай сферы засяроджаны ўнутры выканаўчай і прэзідэнцкай вертыкалі, а грамадства і прадстаўнічыя органы не маюць дастатковых інструментаў, каб правяраць, наколькі законна, абгрунтавана і сувымерна выкарыстоўваюцца паўнамоцтвы спецслужбаў.

Існуючыя механізмы кантролю не забяспечваюць паўнавартаснай праверкі дзейнасці службаў разведкі і бяспекі. Адсутнічае незалежны спецыялізаваны орган, які мог бы сістэмна ацэньваць не толькі асобныя дзеянні супрацоўнікаў, але і працу ўсёй сістэмы ў цэлым: прававыя падставы дзейнасці, унутраны кантроль, прымяненне спецыяльных мер, выкарыстанне персанальных даных, узаемадзеянне з іншымі органамі і разгляд скаргаў.

Гэтая праблема асабліва значная ва ўмовах, калі ў Беларусі на працягу апошніх гадоў міжнародныя структуры і праваабарончыя арганізацыі фіксуюць сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, уключаючы адвольнае затрыманне, палітычна матываваны пераслед, абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і аб'яднанняў, а таксама адсутнасць эфектыўных сродкаў прававой абароны. У такіх умовах адсутнасць незалежнага нагляду за спецслужбамі павышае рызыку іх палітызацыі, безнаказанасці і выкарыстання іх паўнамоцтваў не толькі ў мэтах нацыянальнай бяспекі і правапарадку, але і ў інтарэсах захавання ўлады.

Дадатковай праблемай з'яўляецца адсутнасць дзейснага механізму, які б заслугоўваў даверу і праз які грамадзяне, супрацоўнікі службаў і іншыя асобы маглі б бяспечна скардзіцца на незаконныя дзеянні спецслужбаў і дабівацца рэальнага разгляду такіх скаргаў. Без такога механізму значная частка парушэнняў альбо застаецца схаванай, альбо не атрымлівае належнай прававой ацэнкі.

Такім чынам, рэформа неабходная для таго, каб замяніць закрытую і слаба падсправаздачную мадэль дзейнасці службаў разведкі і бяспекі сістэмай, заснаванай на законнасці, незалежным наглядзе, абароне правоў чалавека і рэальнай адказнасці за злоўжыванні.

Асноўныя мэты і задачы рэформы

Галоўная мэта рэформы — забяспечыць рэальную падсправаздачнасць службаў разведкі і бяспекі, не аслабляючы іх здольнасць выконваць законныя задачы па абароне дзяржавы і грамадства.

Для гэтага неабходна стварыць незалежны Камітэт па наглядзе за дзейнасцю службаў разведкі і бяспекі, які будзе ажыццяўляць знешні кантроль за законнасцю, эфектыўнасцю і палітычнай нейтральнасцю працы спецслужбаў, а таксама за захаваннем правоў чалавека ў іх дзейнасці.

Рэформа павінна дакладна вызначыць прадмет нагляду, замацаваць за Камітэтам поўны доступ да неабходнай інфармацыі, уключаючы сакрэтныя звесткі, і надзяліць яго дастатковымі паўнамоцтвамі для правядзення праверак, разгляду скаргаў, правядзення расследаванняў і накіравання матэрыялаў у кампетэнтныя органы.

Адначасова неабходна ўстанавіць зразумелую сістэму закрытай і публічнай справаздачнасці Камітэта, а таксама гарантаваць яго кадравую, фінансавую і працэдурную незалежнасць, каб нагляд быў не фармальным, а сапраўды эфектыўным.

Этапы рэалізацыі рэформы

Першы этап — стварэнне прававой асновы і фарміраванне Камітэта. На гэтым этапе прымаецца закон, які вызначае статус, паўнамоцтвы, парадак фарміравання і гарантыі незалежнасці Камітэта. Пасля гэтага прызначаюцца старшыня і члены Камітэта, ствараецца яго апарат, зацвярджаюцца асноўныя правілы працы і забяспечваюцца ўмовы для доступу да сакрэтнай інфармацыі.

Другі этап — убудаванне Камітэта ў сістэму дзяржаўнага кантролю. На гэтым этапе размяжоўваюцца паўнамоцтвы Камітэта і іншых органаў, вызначаецца парадак яго ўзаемадзеяння з парламентам, пракуратурай, судамі, амбудсменам, органамі аўдыту і ўрадам. Мэта гэтага этапу — зрабіць сістэму нагляду ўзгодненай і выключыць дубляванне або прагалы ў кантролі.

Трэці этап — запуск практычнай нагляднай дзейнасці. Пасля пачатку працы Камітэт праводзіць першасную ацэнку дзейнасці службаў разведкі і бяспекі, выяўляе сістэмныя праблемы і фарміруе прыярытэты далейшай працы. Затым уводзіцца рэгулярны нагляд, які ўключае праверкі, маніторынг, разгляд скаргаў і падрыхтоўку справаздач.

Чацвёрты этап — ацэнка вынікаў і карэкціроўка рэформы. Праз некалькі гадоў пасля пачатку працы праводзіцца ацэнка эфектыўнасці закона і дзейнасці Камітэта. Пры неабходнасці ўдакладняюцца яго паўнамоцтвы, працэдуры доступу да інфармацыі і механізмы рэалізацыі яго высноў і рэкамендацый.

Органы, якія прымаюць рашэнні

Сойм прымае закон, прызначае старшыню і членаў Камітэта па прадстаўленні профільнай камісіі і ажыццяўляе падсправаздачнасць Камітэта праз парламенцкую працэдуру заслухоўвання справаздач.

Камітэт па наглядзе за дзейнасцю службаў разведкі і бяспекі прымае рашэнні па пытаннях сваёй кантрольнай дзейнасці: пра пачатак праверак, высновы, рэкамендацыі, прадстаўленні, перадачу матэрыялаў у пракуратуру, публікацыю адкрытых справаздач і спецыяльных дакладаў.

Урад і ўпаўнаважаныя міністры не кіруюць Камітэтам, але абавязаны забяспечваць супрацоўніцтва з ім, атрымліваць яго сакрэтныя даклады, рэагаваць на яго высновы ў межах сваёй кампетэнцыі і ліквідаваць выяўленыя парушэнні.

Генеральны пракурор прымае рашэнні па матэрыялах, перададзеных Камітэтам пры выяўленні прыкмет злачынства.

Суды прымаюць рашэнні ў межах сваёй кампетэнцыі па пытаннях судовага кантролю за спецыяльнымі мерамі, абароны правоў грамадзян, а таксама магчымага аспрэчвання дзеянняў або бяздзейнасці органаў улады, звязаных з выкананнем закона.

Заканадаўчыя акты

Для рэалізацыі рэформы перш за ўсё павінен быць прыняты Закон «Пра Камітэт по наглядзе за дзейнасцю службаў разведкі і бяспекі». Ён павінен вызначыць статус Камітэта, яго склад, парадак фарміравання, гарантыі незалежнасці, паўнамоцтвы, парадак працы, формы справаздачнасці і асновы фінансавання. У гэтым законе таксама павінен быць дакладна вызначаны кругі паднаглядных органаў. Камітэт павінен ажыццяўляць нагляд не толькі за Камітэтам дзяржаўнай бяспекі, але і за ўсімі дзяржаўнымі органамі і падраздзяленнямі, якія выконваюць функцыі разведкі, контрразведкі, спецыяльнай дзейнасці ў сферы нацыянальнай бяспекі або надзелены іншымі падобнымі паўнамоцтвамі.

Адначасова спатрэбіцца ўнесці змены ў заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць службаў разведкі і бяспекі і іншых органаў, што падпадаюць пад нагляд Камітэта. Гэтыя змены павінны замацаваць абавязак паднаглядных органаў прадастаўляць Камітэту інфармацыю, дакументы і доступ да аб'ектаў, а таксама разглядаць яго прадстаўленні і рэкамендацыі.

Таксама спатрэбіцца прывесці ў адпаведнасць акты Прэзідэнта і іншыя нарматыўные акты, якія рэгулююць арганізацыю, падпарадкаванасць, паўнамоцтвы, справаздачнасць і ўнутраны кантроль службаў разведкі і бяспекі. Гэта неабходна для таго, каб новы парадак знешняга нагляду быў узгоднены з усёй дзейнай сістэмай прававога рэгулявання.

Змены павінны быць унесены і ў заканадаўства аб дзяржаўных сакрэтах, каб забяспечыць Камітэту доступ да сакрэтнай інфармацыі і ўстанавіць правілы яе выкарыстання, захоўвання і адлюстравання ў справаздачнасці.

Папраўкі ў заканадаўства аб аператыўна-вышуковай дзейнасці павінны замацаваць права Камітэта правяраць законнасць спецыяльных мерапрыемстваў і атрымліваць доступ да матэрыялаў, неабходных для такога кантролю.

Змены ў заканадаўства аб пракуратуры і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства павінны вызначыць парадак перадачы Камітэтам матэрыялаў аб парушэннях і парадак іх разгляду кампетэнтнымі органамі.

Толькі такі комплексны падыход дазволіць зрабіць новы орган нагляду сапраўды ўніверсальным і эфектыўным.