Кароткае апісанне
У цяперашні час у Беларусі, нягледзячы на наяўнасць пэўнай нарматыўнай прававой базы, барацьба з карупцыяй носіць шмат у чым стыхійны характар, і асобныя гучныя справы ў дачыненні да тых ці іншых функцыянераў не могуць змяніць сітуацыю. У выніку хабарніцтва наносіць значны ўрон эканоміцы краіны і аўтарытэту дзяржаўнай улады. Закон «Аб камітэце па этыцы дзяржаўнай службы і процідзеянні карупцыі», прыняцце якога прама прадугледжана праектам Канстытуцыі Новай Беларусі, у сукупнасці з шэрагам іншых законаў закліканы паставіць вырашэнне гэтай праблемы на навуковую аснову і надаць сістэмны характар усёй працы ў гэтым кірунку.
Праблемы, на рашэнне якіх накіравана рэформа
У Беларусі адсутнічае спецыялізаваны орган, які адказвае за барацьбу з карупцыяй. Згодна з існуючым законам, барацьбу з карупцыяй ажыццяўляюць органы пракуратуры, унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі. Каардынуючым органам, адказным за арганізацыю барацьбы з карупцыяй, з'яўляецца Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь, у якой няма ніякіх рычагоў уплыву на іншыя органы, закліканыя змагацца з карупцыяй. Роля Пракуратуры абмяжоўваецца зборам і аналізам інфармацыі.
Карупцыю ў Беларусі ўмоўна можна падзяліць на два ўзроўні. На нізавым узроўні гэта хабары і «адкаты» пры дзяржзакупках, атрыманні дазволаў, ліцэнзій, доступе да паслуг дзяржавы. То-бок чалавек ці бізнес плаціць неафіцыйна, каб атрымаць перавагу альбо тое, што і так павінна давацца па законе. На верхнім узроўні чыноўнікі гандлююць сваім уплывам, «дахуюць» буйныя прадпрыемствы і цэлыя галіны. Гаворка ідзе пра ўплыў вузкага кола асоб на рашэнні па буйных актывах і вялікіх бюджэтных грошах. Важныя пытанні нярэдка вырашаюцца не па законе і не празрыста, а праз нефармальныя дамоўленасці «паміж сваімі». Паводле даных Transparency International, грамадзяне і знешнія назіральнікі бачаць дзяржаўны апарат Беларусі карумпаваным і малапрадказальным. Пра гэта сведчыць 114-е месца з 180 краін у Індэксе ўспрымання карупцыі.
Асновай антыкарупцыйнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь выступае Закон «Аб барацьбе з карупцыяй». Ён дае вызначэнне карупцыі, акрэслівае кола службовых асоб, на якіх распаўсюджваюцца забароны і абмежаванні, уводзіць меры папярэджання — урэгуляванне канфлікту інтарэсаў, дэклараванне даходаў і маёмасці, забарону падарункаў і атрымання асабістай выгады са службовага становішча, а таксама абавязкі кіраўнікоў па арганізацыі прафілактыкі. Вось толькі, згодна з законам, каардынацыя органаў, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з карупцыяй, ажыццяўляецца выключна праз каардынацыйныя нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй пад кіраўніцтвам пракуратуры.
З карупцыяй на нізавым узроўні больш-менш паспяхова спраўляюцца органы унутраных спраў. Значна скараціліся карупцыйныя праявы ў сферах аховы здароўя, адукацыі, у дзейнасці дзяржаўтаінспекцыі. Сур'ёзны аб'ём карупцыі існуе перш за ўсё там, каля прыватны бізнес сутыкаецца з дзяржаўнымі органамі. І тут як нідзе важная праца па прадухіленні карупцыі.
Як ужо казалася, найбольшую шкоду наносіць карупцыя на верхнім узроўні. І тут сістэматычная праца адсутнічае цалкам. У заканадаўстве ніяк не вызначана карупцыя ў вышэйшых эшалонах улады, адсутнічае пералік службовых асоб, якія падлягаюць асабліваму кантролю, няма адзінай сістэмы дэкларавання даходаў і маёмасці, няма спецыялізаванага органа для расследавання карупцыйных злачынстваў вышэйшых службовых асоб.
У дзяржаве няма адзінага тлумачэння этычных нормаў для дзяржаўных службоўцаў, не распрацавана паняцце «канфлікту інтарэсаў» і спосабаў яго вырашэння. Адсутнічае паняцце «лабіравання» і, адпаведна, нарматыўная прававая база ў гэтым пытанні.
Каардынацыя органаў, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з карупцыяй, ажыццяўляецца праз каардынацыйныя нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй пад кіраўніцтвам пракуратуры.
Асноўныя мэты і задачы рэформы
Мэта рэформы — дабіцца ўстойлівага зніжэння карупцыі, умацоўваць празрыстасць публічнай службы, а таксама забяспечваць вяртанне актываў, атрыманых злачынным шляхам, у інтарэсах грамадства. Прыярытэтам ва ўсіх рашэннях застаюцца абарона правоў і свабод чалавека і давер да дзяржаўных інстытутаў.
Доўгатэрміновымі задачамі рэформы з'яўляюцца стварэнне сістэмы папярэджання і барацьбы з карупцыяй на ўсіх узроўнях, укараненне нормаў добрасумленнасці ў дзяржаўнай службе, у арганізацыях, якія фінансуюцца з дзяржаўнага і мясцовых бюджэтаў, выразнае на ўзроўні закона аддзяленне нармальнай справавой практыкі ад гандлю ўплывам і выкарыстання службовага становішча ў асабістых мэтах.
Для гэтага павінна быць падрыхтавана або абноўлена нарматыўная прававая база, распрацаваны прынцыпова новы Закон аб супрацьдзеянні карупцыі. Должан быць створаны цэнтральны орган — Камітэт па этыцы дзяржаўнай службы і процідзеянні карупцыі — які возьме на сябе каардынуючую ролю. Ён павінен будзе не толькі распрацоўваць і ўкараняць праз міністэрствы і ведамствы нарматывы справавой этыкі, але і арганізаваць збор аднастайных дэкларацый аб даходах і маёмасці тых катэгорый, якія будуць пералічаны ў законе аб супрацьдзеянні карупцыі. Мяркуецца, што ў склад Камітэта на правах асобага падраздзялення ўвойдзе Дэпартамент расследавання карупцыйных злачынстваў. Такім чынам, Камітэт зможа расследаваць карупцыйныя правапарушэнні і злачынствы і даводзіць іх да лагічнага завяршэння — перадачы ў суд для прыняцця канчатковага рашэння.
Асобнай задачай з'яўляецца стварэнне механізму кантролю за фінансаваннем палітычных партый у межах выбарчых кампаній і за іх межамі, паколькі праектам закона аб палітычных партыях прадугледжана і дзяржаўнае фінансаванне партый, і збор ахвяраванняў.
Крокі па рэалізацыі рэформы
Реалізацыю рэформы неабходна пачынаць з падрыхтоўкі нарматыўнай прававой базы. Для яе стварэння неабходны глыбокі аналіз заканадаўства краін, якія назапасілі станоўчы вопыт барацьбы з карупцыяй, перш за ўсё Украіны, Малдовы, краін Балтыі, а таксама краін, якія назапасілі адпаведны вопыт у папярэднія дзесяцігоддзі.
Перш за ўсё неабходна канцэпцыя рэформы, пералік неабходных заканадаўчых актаў. Мяркуецца, што ў адпаведнасці з праектам Канстытуцыі новай Беларусі галоўнай дзейнай асобай у прафілактыцы і барацьбе з карупцыяй стане Камітэт по этыцы дзяржаўнай службы і процідзеянні карупцыі. У складзе Камітэта будуць дзейнічаць Дэпартаменты, якія будуць займацца:
- папярэджаннем карупцыі, аналізам карупцыйных рызык і кантролем за фінансаваннем палітычных партый і іх аб'яднанняў;
- зборам і праверкай дэкларацый аб даходах і маёмасці дзяржаўных службовых і прыраўнаваных да іх асоб і, у выпадку неабходнасці, прыняццем мер у адпаведнасці з заканадаўствам;
- прадухіленнем канфлікту інтарэсаў;
- асветай, навучаннем, фарміраваннем і рэалізацыяй дзяржаўнай палітыкі ў сферы этыкі дзяржаўнай службы і процідзеяння карупцыі.
Асаблівы статус будзе ў Дэпартамента расследавання карупцыйных злачынстваў, дзейнасць якога будзе рэгулявацца асобным законам.
Для надання адпаведных паўнамоцтваў неабходна ўнясенне змяненняў у працэсуальныя кодэксы, а таксама ў Закон аб аператыўна-вышуковай дзейнасці.
Далей чакаецца распрацоўка праекта Закона «Аб Камітэце па этыцы дзяржаўнай службы і процідзеянні карупцыі». Камітэт будзе незалежным ад выканаўчай і заканадаўчай улады, падсправаздачным Сойму. Узначальвае Камітэт на прынцыпах аднаасобнага кіравання Старшыня, які абіраецца Соймам на шэсць гадоў па выніках адкрытага конкурсу.
Органы, якія прымаюць рашэнні
Рабочая група з удзелам беларускіх экспертаў, якія прадстаўляюць асноўныя палітычныя сілы Рэспублікі Беларусь, эксперты з Украіны і Малдовы.
Каардынацыйная Рада, як прадстаўнічы орган дэмакратычных сіл і арганізацый грамадзянскай супольнасці.
Сойм Рэспублікі Беларусь, абраны пасля прыняцця Канстытуцыі новай Беларусі.
Норматыўныя прававыя акты
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — вызначае неабходнасць стварэння «Камітэта па этыцы дзяржаўнай службы і процідзеянні карупцыі» як незалежнага органа, які каардынуе дзейнасць па прадухіленні барацьбы з карупцыяй.
Закон «Аб камітэце па этыцы дзяржаўнай службы і процідзеянні карупцыі» — вызначае парадак стварэння і паўнамоцтвы дадзенага органа, устанаўлівае парадак яго дзейнасці.
Закон «Аб барацьбе з карупцыяй» — вызначае кола асоб, якія займаюць пасады, што падлягаюць асабліваму кантролю, пералік дзяржаўных органаў, якія ўдзельнічаюць у супрацьдзеянні карупцыі, і іх сферы дзейнасці.
Закон «Аб Дэпартаменце расследавання карупцыйных злачынстваў» — рэгламентуе парадак стварэння і дзейнасць ваенізаванага органа, якому ў адпаведнасці з новымі рэдакцыямі працэсуальных кодэксаў адыдуць склады злачынстваў, звязаных з карупцыяй.
Дапаўненні і змяненні ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях — выдзеляць склады правапарушэнняў і злачынстваў, якія пяройдуць у юрысдыкцыю Камітэта і Дэпартамента.
Змяненні ў «Закон аб аператыўна-вышуковай дзейнасці» — надзяляюць Дэпартамент расследавання карупцыйных злачынстваў адпаведнымі аператыўнымі паўнамоцтвамі.