Сучасная Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (скарочана БСДП) заснавана 2–3 сакавіка 1991 г. як Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада.
У 1996 г. у выніку аб’яднання з сацыял-дэмакратычнай Партыяй Народнай Згоды партыя стала называцца Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада).
У 2005 г. у выніку змены закона «Аб палітычных партыях» партыя займела сучасную назву — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), з якой праіснавала да кастрычніка 2023 г. і была ліквідавана беларускімі ўладамі. У траўні 2025 г. партыя прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем». На момант закрыцця БСДП на ўліку стаяла 1141 сябра.
Нягледзячы на афіцыйнае закрыццё, партыя працягвае сваю працу ў выгнанні.
БСДП лічыць сябе пераемніцай традыцый Беларускай Сацыялістычнай Грамады, якая існавала ў 1903–1918 гг., і Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі 1918–1924 гг. Беларускія сацыял-дэмакраты спрычыніліся да стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі i Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.
Лідарамі партыі ў розныя часы былі Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Мікола Статкевіч, Аляксандр Казулін, Іосіф Ляўковіч, Анатоль Сідарэвіч, Ірына Вештард і Ігар Барысаў.
Ідэалагічна партыя з’яўляецца класічнай сацыял-дэмакратычнай арганізацыяй, якая мае статус паўнапраўнага сябра ў міжнароднай арганізацыі «Прагрэсіўны Альянс» (Progressive Alliance) і статус назіральніка ў Партыі еўрапейскіх сацыялістаў (PES).
Лозунгамі партыі з’яўляюцца «Свабода! Справядлівасць! Салідарнасць!»