РЭФОРМА РЫНКУ ПРАЦЫ БЕЛАРУСІ

Напрамак рэформы
Год распрацоўкі

Кароткае апісанне

Беларуская эканоміка перажывае не крызіс беспрацоўя, а крызіс занятасці не там і не тымі. Тысячы людзей працягваюць працаваць у калгасах, стратных заводах, на непрадуктыўных пасадах у дзяржаўным сектары. Адначасова не хапае ІТ-спецыялістаў, лагістаў, адміністратараў, спецыялістаў па абслугоўванні складанай тэхнікі, аператараў робатызаваных вытворчасцей.

Ствараць новыя працоўныя месцы бессэнсоўна — працоўных рук і так не стае. Замест гэтага патрэбна маштабная рэалакацыя працы — пераход людзей з нізкапрадукцыйных сфер у высокаэфектыўныя і перспектыўныя.

Праблемы на вырашэнне якіх накіраваная рэформа

Працаздольнасць грамадзян Беларусі — ключавы эканамічны рэсурс краіны, пазбаўленай багатых запасаў карысных выкапняў. Увесь нацыянальны дабрабыт, якім валодаюць беларусы, створаны іх уласнымі рукамі. Надзеі на будучыню звязаны выключна з ростам прадукцыйнасці працы.

Аднак рынак працы сутыкаецца з сур’ёзнымі выклікамі: дэмаграфічнае старэнне, эміграцыя, структурны дысбаланс і неэфектыўнае выкарыстанне навыкаў. Гэта тармозіць рост эканомікі і зніжае эфектыўнасць сістэмы.

Звыклае патрабаванне — “стварыць новыя працоўныя месцы” — не вырашае праблему. Узровень беспрацоўя і так адзін з самых нізкіх у гісторыі. Праблема ў іншым: існуючыя працоўныя месцы не адпавядаюць патрэбам сучаснай эканомікі і не раскрываюць патэнцыял працаўнікоў.

Беларусі патрэбна рэформа рынку працы, якая дапаможа сотням тысяч людзей перайсці з састарэлых і неэфектыўных сектараў у новую эканоміку — інавацыйную, гібкую і прадукцыйную.

Дзейная мадэль “поўнай занятасці” замяніла класічную сацыяльную падтрымку — замест дапамогі па беспрацоўі людзям прапануюць фармальна ўладкавацца, нават калі іх праца не мае рэальнага сэнсу. У выніку — неэфектыўнае размеркаванне кадраў, заніжаная прадукцыйнасць, і давер грамадства да сваёй працы падае.

Паводле такой логікі чалавеку, які страціў працу, не выплачваецца дапамога па беспрацоўі, а тым, хто мае патрэбу, не аказваецца адрасная падтрымка. Замест гэтага кожнаму і кожнай прапануецца пайсці на завод і ўладкавацца туды — нават калі яго або яе праца і прафесійныя навыкі там аб’ектыўна не патрэбныя.

У выніку сфармавалася перакошаная сістэма занятасці, у якой, з аднаго боку, сапраўды атрымлівалася пазбегнуць масавага беспрацоўя, але з другога — каштоўныя працоўныя рэсурсы канцэнтраваліся з лішкам на дзяржаўных прадпрыемствах, дзе выкарыстоўваліся малаэфектыўна. У той жа час іншыя, больш прадукцыйныя сектары эканомікі знаходзіліся ў адносным кадравым дэфіцыце.

Адзін з ключавых вынікаў сістэмы поўнай занятасці — фарміраванне, укаранённае дзяржавай і засвоенае грамадствам, веры ва ўласную непатрэбнасць. Гэта ўстаноўка, глыбока ўкаранёная ў свядомасць работнікаў, вядзе да страты ініцыятывы, апатыі і, у выніку, да яшчэ больш глыбокага зніжэння прадукцыйнасці працы.

Асноўныя мэты і задачы рэформы

З:

Стратных заводаў і калгасаў

Непразрыстага дзяржаўнага сектара

Занятасці дзеля самой занятасці

У:

Сучасную прамысловасць і робатызацыю

ІТ і лагістыку

Сферу паслуг, адукацыі, аховы здароўя.

Крокі па рэалізацыі рэформы

Спыненне палітыкі занятасці “любой цаной” і адмова ад прымусовай інклюзіі ў рынак працы

Доўгатэрміновая эканамічная ўстойлівасць патрабуе адмовы ад неэфектыўнай палітыкі штучнага падтрымання занятасці праз субсідыі і рэпрэсіўныя меры.

Паступовае спыненне субсідзіравання занятасці на стратных прадпрыемствах, асабліва ў дзяржаўным сектары. Дзяржаўная падтрымка павінна быць пераарыентавана з захавання колькасці работнікаў — на стымуляванне стварэння новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў, перападрыхтоўку і падтрымку занятасці ў перспектыўных сектарах.

Адмова ад нарматыўна-прававой базы, якая карае за беспрацоўе, у тым ліку адмену дэкрэтаў аб “сацыяльным утрыманстве” і палітыкі “аплаты па поўных тарыфах” для незанятых.

Пераход ад кантролю за фармальнай занятасцю да падтрымкі мабільнасці і развіцця чалавечага капіталу: акцэнт у дзяржаўнай палітыцы павінен быць зроблены на навучанне, перанавучанне, падтрымку малых і сярэдніх прадпрыемстваў, а таксама стварэнне ўмоў для добраахвотнага і эфектыўнага ўдзелу ў рынку працы.

Развіццё сістэмы перакваліфікацыі і навучання на працягу жыцця

Адным з ключавых элементаў павышэння эфектыўнасці рэалакацыі працы з’яўляецца наяўнасць даступных і якасных механізмаў перакваліфікацыі і павышэння кваліфікацыі для дарослага насельніцтва. З улікам хутка зменлівай структуры эканомікі і састарэння прафесій, дзяржаве трэба:

Стварыць нацыянальную сетку цэнтраў перакваліфікацыі і прафесійнага навучання, даступных у рэгіёнах і адаптаваных пад спецыфіку лакальных рынкаў працы. Гэтыя цэнтры павінны прапаноўваць курсы працягласцю ад 3 да 12 месяцаў, якія вядуць да практычнага авалодання новымі запатрабаванымі навыкамі.

Фокус курсаў – на прафесіях на якія ўзрастае попыт, уключаючы:

– прыкладное і вэб-праграмаванне,

– лагістыку і кіраванне ланцужкамі паставак;

– прамысловы і графічны дызайн;

– абслугоўванне і настройку высокатэхналагічнага абсталявання (у тым ліку ў медыцыне, вытворчасці, аграсектары).

Фінансаванне – у фармаце змешанага партнёрства:

– базавае фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту (уключаючы сродкі занятасці і адукацыю);

– гранты ад міжнародных донараў;

– удзел прыватных кампаній і галіновых асацыяцый, зацікаўленых у падрыхтоўцы кадраў пад свае патрэбы (у тым ліку ў фармаце дуальнага навучання і з наступным працаўладкаваннем).

Гнуткасць фарматаў навучання: вочнае, анлайн, гібрыднае навучанне з модульнай структурай, што дазволіць адаптавацца пад патрэбы людзей з розным узроўнем падрыхтоўкі і занятасці.

Такая сістэма стане альтэрнатывай неэфектыўнай палітыцы размеркавання выпускнікоў, дапаможа змякчыць структурнае беспрацоўе і ўзмоцніць адаптыўнасць працоўнай сілы ва ўмовах тэхналагічных і рынкавых трансфармацый.

Умацаванне сістэмы сацыяльнай абароны на час прафесійнага пераходу

Забеспячэнне гнуткасці рынку працы немагчымае без надзейнай сістэмы сацыяльнай падтрымкі, якая дазваляе людзям перажыць перыяды беспрацоўя, перападрыхтоўкі і змены прафесійнага шляху без рызыкі згалення і сацыяльнай маргіналізацыі. У гэтым кантэксце прапануецца:

Павысіць памер дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню, які забяспечвае базавыя патрэбы, з арыентацыяй на не менш як 50-60 працэнтаў ад медыянай заработнай платы. Гэта дапаможа знізіць эканамічныя бар’еры да змены прафесіі, асабліва ў рэгіёнах з высокім узроўнем структурнага беспрацоўя.

Увесці спрошчаныя ўмовы доступу да дапамогі і іншым мерам падтрымкі для ўразлівых груп:

– моладзі, у тым ліку выпускнікоў, якія не маюць працяглага працоўнага стажу;

– жанчын, асабліва з дзецьмі і якія перарывалі кар’еру;

– асоб старэйшых за 50 год, якія адчуваюць складанасці з вяртаннем у рынак працы пасля звальнення.

Прадугледзець магчымасць атрымання дапамогі пры ўдзеле ў праграмах навучання і перанавучання, а таксама пры актыўным самастойным пошуку працы, без прымусу да грамадскіх работ і абмежавальных санкцый за “неактыўнасць”, акрамя выпадкаў наўмыснага ўхілення ад працаўладкавання.

Спрасціць працэдуры прызнання беспрацоўным і атрымання дапамогі – перайсці ад карна-бюракратычнай мадэлі да мадэлі суправаджэння: кожны беспрацоўны атрымлівае доступ да кар’ернага кансультавання, персанальнага плана дзеянняў і падтрымкі ў навучанні і працаўладкаванні.

Такая палітыка падтрымае адаптацыю работнікаў ва ўмовах эканамічных трансфармацый, знізіць рызыкі сацыяльнай ізаляцыі і ўзмоцніць мабільнасць працоўных рэсурсаў, асабліва ў перыяд пасля крызісаў і структурных зрухаў.

Разблакаваць рынак працы

Адмена інстытута абавязковага размеркавання выпускнікоў устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія навучаліся за кошт сродкаў бюджэту. Гэты інстытут перашкаджае аптымальнаму выкарыстанню чалавечага капіталу, абмяжоўвае свабоду выбару маладых спецыялістаў і зніжае эфектыўнасць іх інтэграцыі ў найбольш прадукцыйныя сектары эканомікі.

Знізіць долю тэрміновых працоўных дагавораў, абмежаваўшы іх прымяненне выключна выпадкамі, прадугледжанымі міжнароднай практыкай (часовыя праекты, сезонныя работы, замяшчэнне часова адсутнага работніка і інш.).

Укараніць дыверсіфікаваную мадэль працоўных кантрактаў, якая прадугледжвае розныя формы занятасці ў залежнасці ад спецыфікі галіны, памеру бізнесу і ўзроўню кваліфікацыі работніка – уключаючы бестэрміновыя дагаворы, гнуткія формы занятасці, пагадзінную і праектную работу.

Абнавіць працоўнае заканадаўства з акцэнтам на баланс паміж гнуткасцю для працадаўцаў і сацыяльнай абароненасцю работнікаў, забяспечыўшы стымулы для заключэння стабільных і прадказальных працоўных адносін. 

Праграма садзейнічання мабільнасці працы

Адной з галоўных прычын неэфектыўнай алакацыі працы ў Беларусі з’яўляецца нізкая прасторавая мабільнасць працоўнай сілы. Геаграфічныя, інстытуцыйныя і фінансавыя бар’еры не дазваляюць працаўнікам свабодна пераязджаць у рэгіёны з больш высокім попытам на працу і найлепшымі магчымасцямі для прафесійнага росту. Для пераадолення гэтых перашкод неабходны запуск дзяржаўнай праграмы садзейнічання працоўнай мабільнасці, якая ўключае:

Субсідыі на пераезд і добраўпарадкаванне для работнікаў, якія змянілі рэгіён працаўладкавання. Падтрымка можа ўключаць кампенсацыю транспартных выдаткаў, першапачатковыя выдаткі на арэнду жылля і іншыя выдаткі, звязаныя з рэлакацыяй.

Фінансаванне арэнды жылля або прадастаўленне датацый на жыллё для працоўных мігрантаў унутры краіны, асабліва ў выпадках пераезду ў малыя і сярэднія гарады, якія адчуваюць недахоп працоўнай сілы.

Забарона на абмежавальныя формы “замацавання” работнікаў

Выключэнне практыкі прадастаўлення завышаных пад’ёмных, прэмій або авансаў з наступным патрабаваннем іх вяртання ў выпадку звальнення да заканчэння адвольна ўстаноўленага тэрміну (напрыклад, 3-5 гадоў).

Забарона на страту жылля пры звальненні, калі жыллё прадастаўляецца ў рамках працоўных адносін. Права на пражыванне не павінна выкарыстоўвацца як інструмент ціску або шантажу з боку працадаўцы.

Такі падыход забяспечыць рэальную свабоду выбару працоўнага месца, павысіць мабільнасць і эфектыўнасць пераразмеркавання працоўнай сілы, і знізіць рэгіянальныя дыспрапорцыі на рынку працы.

Чаканыя вынікі рэформы

Рост агульнай прадукцыйнасці працы на 5–7% за 5 гадоў.

Вызваленне 150–200 тыс. работнікаў з неэфектыўных сектараў.

Рост занятасці ў ІТ, лагістыцы, ахове здароўя, адукацыі.

Змяншэнне эміграцыі і стымул да вяртанне кваліфікаваных спецыялістаў.

Фармаванне новага сацыяльнага кантракт паміж дзяржавай, бізнесам і грамадзянамі.

Чаму гэта можна рэалізаваць

Даследаванні паказваюць: рэалокацыя працы амаль не ўносіла ўклад у рост эканомікі Беларусі. Увесь рост ішоў знутры сектараў, а не дзякуючы ператоку рэсурсаў. Патрэбна больш гібкасці. І беларусы ўжо паказалі: яны ўмеюць працаваць прадуктыўна — калі ёсць умовы.

Наша філасофія

Рэформа рынку працы — гэта не пра скарачэнні. Гэта пра свабоду, выбар, рост. Дзяржава павінна не ахоўваць занятасць як форму, а ствараць умовы для рэалізацыі патэнцыялу кожнага чалавека.

Органы, якія прымаюць рашэнне

Парламент

Савет Міністраў

Міністэрства эканомікі

Міністэрства працы

Міністэрства прамысловасці

Перапрагледзець Preview image for the video "Нужны ли Беларуси новые рабочие места?".
Відэа